У́ЛЬСКАЯ БІ́ТВА 1564, Чашніцкая бітва,
адна з асн. бітваў паміж войскамі Маскоўскай дзяржавы і ВКЛ у час Лівонскай вайны 1558—83. Адбылася 26 студз. на р. Ула недалёка ад г. Чашнікі (Віцебская вобл.). Калі паслы ВКЛ, што прыехалі ў Маскву для падпісання міру яшчэ ў снеж. 1563, не знайшлі паразумення з царскім дваром (не згадзіліся аддаць Полацк і Лівонію) і 9.1.1564 пакінулі яе, рус. цар Іван IV аднавіў ваен. дзеянні. Паводле яго загаду з Полацка выйшла 24-тысячная армія кн. П.Шуйскага, а з Вязьмы — 50-тысячная армія братоў кн. >В. і П. Сярэбраных. Яны мелі намер злучыцца каля Оршы, каб адтуль ісці на Менск і Новагародак. Вял. гетман ВКЛ М.Радзівіл Руды, войскі якога (8—10 тыс.) знаходзіліся недалёка ад Чашнікаў, меў дакладную інфармацыю пра рух групоўкі. Каля в. Іванск над Улай (Чашніцкі р-н) гетман спаткаў і атакаваў праціўніка. Пасля франтальнага ўдару яго харугвы ажыццявілі імклівы напад з тылу і завяршылі бітву поўным разгромам арміі Шуйскага. Загінула каля 9 тыс. маскоўскіх ратнікаў, а таксама князі Шуйскі, С. і Ф. Палецкія, А.Празароўскі, М.Адоеўскі, І.Захар’ін і інш. Многія трапілі ў палон, у т. л. кн. І.Ахлябінін, І.Нараваты, З.Пляшчэеў-Очын; пераможцы завалодалі багатым абозам. Рэшткі разбітага войска ўцяклі да Полацка. Даведаўшыся пра поўны разгром Шуйскага, кн. П.Сярэбраны, які ўжо стаяў пад Оршаю, пасля сутычкі з авангардам Ф.Кміты-Чарнабыльскага пачаў спешна адступаць да Смаленска. Перамога на р. Ула сарвала буйную наступальную аперацыю рус. цара, пасля яе ваен. дзеянні мелі ў асноўным лакальны характар.
Г.М.Сагановіч.
т. 16, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)